З гэтым актуальным у разгар сезона прастуд пытаннем у рэдакцыю газеты “Перамога” патэлефанавала жыхарка раёна.
– Не маю магчымасці прыйсці загадзя ў паліклініку, каб узяць талон. Ці можна гэта зрабіць іншым спосабам? – спытала яна.
На гэтае пытанне дала адказ памочнік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Наталля Літвінская:
– Уся інфармацыя аб запісе да любога доктара ёсць на афіцыйным сайце нашай установы, дзе магчыма з ёй азнаёміцца ў любы час. Для аказання планавай медыцынскай дапамогі запіс праводзіцца праз рэгістратуру паліклінікі, куды можна патэлефанаваць па шматканальным нумары 6-48-36 або мабільным 8-044-7978326. Таксама можна заказаць электронны талон праз цэнтралізаваную інтэрнэт-платформу talon.by. Аднак для гэтага неабходна быць унесенымі ў сістэму сваёй аховы здароўя. Калі нядаўна вы былі на прыёме ў паліклініцы, праблем з гэтым не ўзнікне: пасля кароткай рэгістрацыі вам будзе даступны запіс да ўсіх спецыялістаў, якія ў нас працуюць.
Калі ў пацыента сітуацыя, якая патрабуе сённяшняга ўмяшальніцтва, нават без талона ён абавязкова патрапіць на прыём. Для людзей з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі або іншых прастудных захворванняў цяпер, у пік сезона, працуе інфекцыйны кабінет, уваход у які асобны з вуліцы, мінуючы рэгістратуру, ён вядзецца па жывой чарзе. Таксама не патрэбны талон для праходжання рэнтгена, электракардыяграмы, забору біялагічнага матэрыялу, лабараторных даследаванняў. Па жывой чарзе можна прайсці псіхіятра-нарколага і жанчынам – аглядавы кабінет.
На дадзены момант у паліклініцы працуюць усе спецыялісты, за выключыннем неўролага і дэрматолага, функцыю якіх часова выконвае доктар агульнай практыкі, у кампетэнцыю якога ўваходзяць гэтыя пытанні. Пры неабходнасці пацыент атрымлівае накіраванне на кансультацыю ў міжраённую або абласную бальніцу да патрэбнага спецыяліста. Калі патрабуецца неэкстранны прыём, пажадана планаваць яго загадзя на пэўны дзень і час, каб не ствараць нязручнасцяў сабе і сваім землякам. Будзьце паважлівымі і цярплівымі адзін да аднаго.