Новы год ужо імчыцца

10.12.2019 Off By Макарчик В.В.

Старт навагоднім мерапрыемствам на Гродзеншчыне дадзены 7 снежня: прайшлі традыцыйныя парады галоўных герояў зімовых святаў і запалілі агні на навагодніх ёлках.

Сёлета на Дзятлаўшчыну новы 2020 год імчыцца… на лыжаролерах: чатыры спартсмены з лічбамі надыходзячага года пачыналі парад. За імі пад навагоднія мелодыі Новаяльнянскага аркестра,  весела і дружна, вітаючы ўсіх прахожых, ішлі Дзяды Марозы, Снягурачкі, казачныя героі, сімвалы адыходзячага года – Свінкі і новага – больш за сто Мышанят.

А тым часам на плошчы 17 Верасня, ля галоўнай ёлкі горада, вітала гасцей на святочным мерапрыемстве Зіма. І пачалася чароўная казка з вясёлага музычнага флэш-моба ад тэатра роставых лялек, якія запрашалі ўсіх танцаваць разам з імі. Дарэчы, у гэтым годзе паглядзець, як загарацца агні на навагодняй ёлцы, прыйшло як ніколі шмат людзей: у Дзятлаве панаваў сапраўдны навагодні настрой. Не хапала толькі галоўных герояў любімых зімовых святаў – Дзеда Мароза і Снягурачкі, якіх усе дружна паклікалі. Калі прыгажуня-ёлка зазіхацела рознакаляровымі агнямі, Дзед Мароз запрасіў усіх у карагод, а затым аб’явіў навагоднія і калядныя святы адкрытымі, пажадаў усім радасці і добрага настрою.

Свята прадоўжылася конкурсам на лепшае навагодняе віншаванне ад  кожнага Дзеда Мароза і яго казачнай світы, якія прымалі ўдзел у парадзе. Песні, вершы, жартоўныя сцэнкі прадставілі санаторый “Радон”, КСУП “Вензавец”, “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, ААТ “Граніт-Агра”, сярэднія школы № 1 і № 3 горада Дзятлава, Дзятлаўскі лясгас, ТАА “Ізакам”, Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца, Дварэцкая сярэдняя школа, Дзятлаўскі сыраробны завод. Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны 31 снежня ў час навагодняга канцэрта.

Затым усе жадаючыя маглі паслухаць навагоднія песні ў выкананні артыстаў нашага раёна, патанцаваць, набыць святочныя сувеніры.

З сайта газеты «Перамога»