Веды — як у медыкаў, спрытнасць — як у ратаўнікоў. Раённыя спаборніцтвы добраахвотных пажарных падраздзяленняў і санітарных дружын

18.06.2019 Off By Макарчик В.В.

Ва ўрочышчы «Рыбакі» 15 чэрвеня прадстаўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, Дварэцкага льнозавода, Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў і Дзятлаўскага лясгаса ўдзельнічалі ў штогадовых спаборніцтвах санітарных дружын.

Не паспеўшы сустрэцца, каманды хутка рызышліся па сваіх участках спаборніцтваў.

Сандружыны праверылі аснашчэнні, а таксама дасканала перабралі ўсё, што ўкамплектавана ў медыцынскіх сумках.

Да таго ж, прадстаўнікі каманд прадэманстравалі свае ўменні хутка рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі. Напрыклад, як выратавацца ад атручвання чадным газам? У выпадку бяды ўдзельнікі спаборніцтваў ведаюць, як дапамагчы сабе і тым, хто побач.

Далей — ядзерны ачаг, дзе трэба прадэманстраваць валоданне тэарэтычнымі ведамі па медыцынскай дапамозе. Тут усё, як на экзамене: адказ па білетах і атрыманне адзнакі.

Але аднымі адказамі на пытанні не абмежавацца: у некаторых зададзеных сітуацыях трэба яшчэ наглядна паказаць, як дзейнічаць і правільна сябе паводзіць.

У шпітальным аддзяленні сандружыны паказвалі навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі. Дарэчы, з такімі заданнямі яны спраўляліся хутка і якасна: спрытна і аператыўна перамяшчалі «хворага» на насілкі, накладвалі адзін аднаму кампрэсы, умела рабілі перавязкі, выконваючы двайны ход бінта вакол галавы.

Яшчэ адзін іспыт — адказы на пытанні па інфекцыйных хваробах. Тэарэтычныя веды ўдзельнікаў мерапрыемства былі добрыя. Відаць, да спаборніцтваў рыхтаваліся адказна.

Усе выпрабаванні каманд праходзілі пад строгім кантролем судзейскай камісіі, у склад якой уваходзілі прафесійныя медыкі.

Самая доўгачаканая і напружаная частка мерапрыемства — падвядзенне вынікаў. Каманды-сапернікі сабраліся на фінальным пастраенні, а члены журы не сталі доўга трымаць інтрыгу.

Падзякавала ўсім удзельнікам спаборніцтваў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч і ўручыла ўзнагароды лепшым сярод санітарных дружын. Сёлета трэцяе месца заняла сандружына КСУП «Русь-Агра». Другое месца атрымалі прадстаўнікі КСУП «Жукоўшчына», а вядучай членамі журы была выдзелена каманда ААТ «Граніт-Агра». Дарэчы, прадстаўнікі каманды-лідара і ў мінулым годзе праявілі сябе на вышэйшым узроўні, заняўшы пераможны п’едэстал.

Таксама журы не пакінула па-за ўвагай і прадстаўнікоў КСУП «Войневічы», якія паказалі добрыя веды і практычныя навыкі па доглядзе за хворымі ў шпітальным аддзяленні. Каманда КСУП «Дварэц-Агра» прадэманстравала добрыя веды ў тэарэтычным конкурсе. Санітарная дружына КСУП «Хвінявічы» дакладна ведае, як аказваць першую медыцынскую дапамогу ў ачагу ядзернага паражэння.

Старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак падтрымаў удзельнікаў спаборніцтваў грашовымі прэміямі.

Прыемныя падарункі атрымалі прадстаўнікі КСУП «Слава працы» і КСУП «Вензавец» ад старшыні раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіны Касцюк.

Юлія БАКУНОВІЧ