Адрас весялосці: “Святкі.by”

21.01.2019 Off By Макарчик В.В.

На Дзятлаўшчыне прайшла традыцыйная сустрэча маладых спецыялістаў горада і раёна “Святкі.by-2019”.

Як і раней, ладзілася яна з ініцыятывы раённага камітэта ГА “БРСМ” пры падтрымцы прафсаюзных арганізацый раёна і сектара па рабоце з моладдзю ў неафіцыйным фармаце і заклікала моладзь да весялосці, творчасці, новых знаёмстваў. Арганізатары моладзевага агеньчыка падрыхтавалі для ўдзельнікаў шмат цікавых гульняў з элементамі народных традыцый, жартоўных іспытаў, вясёлых забаваў, і, безумоўна, музычных віншаванняў.

Падтрымаць маладых людзей, пажадаць ім паспяховага старту ў прафесію і актыўнай жыццёвай пазіцыі прыйшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Макарчык.

Сабрацца з думкамі і ўзгадаць беларускія святачныя традыцыі моладзі дапамагла невялікая віктарына, якую правяла вядучая агеньчыка Ірына Цяцерына. Але якія ж святкі без варажбы? Ролю варажбіткі і траўніцы выдатна выканала Ала Чарняўская. Кожны жадаючы змог выцягнуць з-пад ручніка прадказальніцы сімвал таго, што чакае яго ў 2019 годзе: пярсцёнак – да вяселля, грошы – да дабрабыту, фасолю – да нараджэння дзетак, пёрка – да лёгкага жыцця.

Калі даведаліся пра будучае, вырашылі пашукаць таленты і праверыць артыстызм маладых спецыялістаў раёна. Тэатралізаваныя здольнасці дэманстравалі хлопцы, якія паўдзельнічалі ў інсцэніроўцы пра ёлку і лясных жыхароў. Дзяўчаты здзіўлялі звонкімі галасамі, спяваючы прыпеўкі. Ну і, вядома, адшукалі таленавітых танцораў. Праўда, у гэтым конкурсе прадстаўнікоў моцнай паловы чакаў новы іспыт: падабраць сабе пару давялося з завязанымі вачамі. Нічога, выбралі і някепска станцавалі, а лепшыя канкурсанты нават атрымалі памятныя прызы.

Але гэта былі яшчэ не ўсе сюрпрызы, якія для ўдзельнікаў “Святак” падрыхтавалі работнікі культуры. Наперадзе чакаў, мяркую, самысур’ёзны іспыт – агучыць урыўкі з мультфільмаў або кінастужак. Вядома, тэкст герояў экрана дакладна ніхто не памятаў, таму “закадравыя артысты” пераважна імправізавалі. Атрымаліся цікавыя рэмэйкі, якія гледачы падтрымалі шчырымі апладысментамі.

Вечар прадоўжыла танцавальная праграма з сучаснымі трэкамі і хітамі мінулых гадоў.

Ірына КАЎКЕЛЬ