Прышчэпка ад COVID-19, тлумачыць спецыяліст

12.03.2021 Off By administrator

Прышчэпка ад COVID-19: тлумачыць спецыяліст

 

Усе мы разумеем, што на сёння прышчэпка ад каранавірусу – адзіны дзейсны сродак папярэдзіць хваробу або не дапусціць яе паўтарэння.

 

Аднак застаюцца развагі і сумненні на гэты конт. На актуальныя пытанні нашых чытачоў па вакцынацыі ад каранавірусу адказала доктар-тэрапеўт, выконваючая абавязкі намесніка галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Таццяна Свіб.

– Ці трэба прышчапляцца тым, хто перахварэў на COVID-19?

– Кожны, хто перахварэў каранавіруснай інфекцыяй, можа заразіцца паўторна. Таму ў любым выпадку трэба прышчапляцца. Другое пытанне, калі гэта можна ажыццявіць. Прышчэпку трэба рабіць не менш чым праз 90 дзён пасля апошняга эпізоду захворвання. Даследаванні паказваюць, што колькасць і ахоўнасць антыцелаў змяншаецца праз 3-4 месяцы пасля хваробы, а гэта значыць, што праз 90 дзён можна падтрымаць імунную сістэму самім і вакцынавацца.

– Ці можа быць, што чалавек нават пры жаданні не зможа прышчапіцца?

– Ёсць пэўныя супрацьпаказанні да вакцынацыі: гіперадчувальнасць да якога-небудзь з кампанентаў вакцыны; цяжкія алергічныя рэакцыі ў анамнезе; вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні; абвастрэнне хранічных захворванняў (вакцынацыю праводзяць праз 2-4 тыдні пасля выздараўлення або рэмісіі); цяжарнасць і перыяд груднога кармлення; узрост да 18 гадоў.

– Назавіце пабочныя эфекты ў вакцыны «Спадарожнік V», якую прымяняюць у Беларусі.

– Любая вакцына можа даць ускладненне або непажаданыя рэакцыі: дрыжыкі, павышэнне тэмпературы цела, боль у суставах, боль у мышцах, павышаную стамляльнасць, агульнае недамаганне, галаўны боль, боль у месцы ін’екцыі.

Радзей адзначаюцца млоснасць, зніжэнне апетыту, часам – павелічэнне лімфавузлоў. Магчыма развіццё алергічных рэакцый. Аднак у здаровага чалавека ўсе рэакцыі павінны працякаць у межах нормы.

– Дайце рэкамендацыі тым, хто атрымаў прышчэпку.

– На працягу трох дзён пасля вакцынацыі рэкамендуецца не мачыць месца ін’екцыі, не наведваць саўну, лазню, не прымаць алкаголь, пазбягаць празмерных фізічных нагрузак. Пры пачырваненні, ацёчнасці, болі ў месцы вакцынацыі варта прыняць абязбольвальныя сродкі. Пры павышэнні тэмпературы цела – нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі. Вельмі важна пасля вакцынацыі 30 хвілін пабыць ва ўстанове аховы здароўя, каб пасачыць за сваім станам.

– Куды звяртацца жадаючым прышчапіцца?

– Плануецца, што ўсіх жадаючых пачнуць прышчапляць у красавіку-маі. Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца ўжо збірае дадзеныя аб жадаючых прышчапіцца. Каб патрапіць у спісы, трэба звярнуцца да свайго ўчастковага тэрапеўта або ў рэгістратуру райпаліклінікі.

Наталля АВЯРЧУК