“Краса Дзятлаўшчыны-2019”

10.12.2019 Off By administrator

У Дзятлаве 6 снежня прайшоў раённы конкурс прыгажосці і грацыі “Краса Дзятлаўшчыны-2019”.

Гэтае мерапрыемства традыцыйнае і яго арганізавалі раённы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і сектар па рабоце з моладдзю Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Спонсарамі конкурсу сталі прадстаўнік турыстычнай кампаніі “Лассе-Тур” Анастасія Госцева і майстар перманентнага макіяжу г. Мінск-Віцебск Аляксандр Крышан.

У конкурсе прынялі ўдзел шэсць дзяўчат – прадстаўніцы КСУП “Жукоўшчына”, ААТ “Граніт-Агра”, СШ № 3 горада Дзятлава, Цэнтральнай раённай бальніцы, райспажыўтаварыства, Дзятлаўскай музычнай школы.

— Лізавета Фралова, прадстауница Дзятлаускай ЦРБ выступала пад № 1, яна прытрымліваецца жыццёвага прынцыпу: ніколі не бойся, што можа штосьці не атрымацца, спрабуй, імкніся, прадпрымай!

Падтрымаць іх, “пахварэць” за канкурсантак сабраліся ў зале Дзятлаўскага дома культуры калегі, сябры, родныя, знаёмыя.

Выпрабаванні дзяўчатам былі прапанаваны розныя. І першыя – дэфіле ў вобразах касмічных Снягурак і конкурс хатняе заданне — “прэзентацыя сябе”. Усе прыгажуні справіліся з імі выдатна. А найлепш – Лізавета Фралова, якая за дэфіле і відэапрэзентацыю набрала ў суме 72 балы.

Свае таленты пераўвасабляцца дзяўчаты дэманстравалі ў час творчага задання “Новы год і Каляды – свята пажаданняў і надзей”. Тут самыя высокія балы атрымала зноў- такі канкурсантка пад нумарам 1 медык Лізавета Фралова за свой адмысловы малюнак. Але і іншыя выдатна імправізавалі, ігралі, спявалі, танцавалі.

Інтэлектуальны конкурс запатрабаваў эрудыцыі, кемлівасці, умення выказаць сваё меркаванне. Пытанні і прапановы ад вядучых былі самыя нечаканыя: напрыклад, падарожжа ў свой самы лепшы час ці на конкурс “Міс Беларусь”, выступіць дыктарам з навагоднім пажаданнем… І тут лідарства перахапіла ўдзельніца пад № 5 Валерыя Аніська. Яна набрала амаль максімальную колькасць балаў у гэтым і наступным конкурсе —дэфіле ў шортах. Дарэчы, такое заданне было прапанавана ўпершыню, але дзяўчаты вельмі задорна станцавалі пад лацінаамерыканскія матывы.

Апошнім выпрабаваннем аказаўся выхад у вясельных сукенках. Самай прыгожай нявестай выглядала Ганна Нікіпорчык, якой журы паставіла 38 балаў.

Пакуль журы вызначала, хто з дзяўчат годны тытула “Міс краса Дзятлаўшчыны”, прысутныя ў зале маглі пабачыць кулінарныя кампазіцыі канкурсантак і ацаніць іх кулінарныя здольнасці. Таксама гледачам можна было падаць свой “голас” за тую ўдзельніцу, хто найбольш спадабаўся.

І ўсё ж уладальніцай тытула “Міс сімпатый гледачоў-2019” стала Анастасія Варэйка. Тытул “Міс топ-мадэль-2019” прысуджаны Дар’і Кончык. Самай фотагенічнай прызнана Ірына Лішык, якая атрымала тытул “Міс фота-2019”.

Другой віцэ-міс стала Лізавета Фралова, тытул першай віцэ-міс прысуджаны Ганне Нікіпорчык. І ўладальніцай тытула “Краса Дзятлаўшчыны-2019 стала Валерыя Аніська, якая нядаўна прыехала на Дзятлаўшчыну і першы год працуе эканамістам ў КСУП “Жукоўшчына”.