Барацьба з COVID-19, аладыя дактары і выязны ФАП.

12.03.2021 Выкл. Автор administrator

Барацьба з COVID-19, маладыя дактары і выязны ФАП. Медыкі падвялі вынікі працы і намецілі перспектывы

У актавай зале Дзятлаўскай ЦРБ прайшоў медыка-санітарны савет раёна.

Справаздачу аб дзейнасці раённай бальніцы перад калегамі і гасцямі мерапрыемства трымаў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух. Ён адзначыў, што 2020 год прайшоў для медыкаў пад знакам барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. На гэта ўстановы аховы здароўя не шкадавалі ні матэрыяльных, ні чалавечых рэсурсаў. Для аказання медыцынскай дапамогі ў перыяд пад’ёму захворвання ў бальніцы былі дадаткова адкрыты чатыры спецыялізаваныя аддзяленні, працавалі “кавідныя” выязныя брыгады, гарачая лінія, дзе можна было даведацца пра вынікі аналізаў і атрымаць кансультацыю. За бюджэтныя сродкі, з улікам спонсарскай дапамогі, было закуплена новае медыцынскае абсталяванне. Дактары і сярэдні медыцынскі персанал, аддаючы сябе барацьбе з каранавірусам, разам з тым прадаўжалі ў поўным аб’ёме аказваць медыцынскую дапамогу насельніцтву раёна, весці прыём у паліклініцы.

Алег Іванавіч падзяліўся добрымі навінамі. Сёлета працаваць на Дзятлаўшчыну прыедуць шэсць маладых спецыялістаў, у тым ліку, доктар ультрагукавой дыягностыкі і афтальмолаг. Сёння праходзіць стадыю распрацоўкі і эканамічнага аналізу новы праект – выязны фельчарска-акушэрскі пункт, які добра зарэкамендаваў сябе ў іншых раёнах Гродзеншчыны, а хутка з’явіцца і ў нас. Таксама сёлета ў горадзе Навагрудку ўстаноўлены новы камп’ютарны тамограф, абследаванне на якім змогуць прайсці і дзятлаўчане. Вынікі даследаванняў будуць адразу ж перасылацца ў Дзятлаўскую ЦРБ. Іх расшыфроўкай зоймецца наш мясцовы доктар-рэнтгенолаг, які цяпер праходзіць перакваліфікацыю.

Галоўны доктар раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак паведаміла прысутным аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне. Па яе словах, з пачатку пандэміі каранавірусу на Дзятлаўшчыне было зафіксавана больш за тры тысячы выпадкаў захворвання на COVID-19, апошнім часам ідзе тэндэнцыя на зніжэнне захворвання. Яна падзякавала калегам з Дзятлаўскай ЦРБ за плённую працу ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй і яе прафілактыцы, за эфектыўнае правядзенне супольных мерапрыемстваў па імунізацыі насельніцтва.

З дакладамі выступілі намеснік галоўнага доктара Алена Якубоўская, загадчыца паліклінікі Алена Куцко.

Галоўны педыятр раёна Таццяна Чыгір адзначыла, што за апошнія два гады дзіцячая смяротнасць на Дзятлаўшчыне нулявая. Гэта не толькі вынік напружанай уважлівай працы дзіцячага аддзялення, але і плён узаемадзеяння медыкаў з іншымі службамі раёна па своечасовым выяўленні дзяцей, якія знаходзяцца ў бядотным становішчы ў сваіх сем’ях.

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч выказаў шчырыя словы ўдзячнасці медыкам за самаадданасць і прафесійны гераізм. Ён заўважыў, што раённыя ўлады прадоўжаць палітыку падтрымкі медыцынскай сферы раёна (у тым ліку, фінансавай), бо няма нічога больш важнага за здароўе і жыццё людзей, якое штодня ратуюць нашы медыкі. Ігар Станіслававіч засяродзіў увагу на рабоце па замацаванні маладых спецыялістаў на Дзятлаўшчыне, для гэтага павінны стварацца ўсе ўмовы, ад сацыяльных і фінансавых – да падтрымкі калег і сістэмы настаўніцтва на працоўных месцах.

Лейтматывам усяго пасяджэння медыка-санітарнага савета стала павышэнне даступнасці медыцынскіх паслугаў і дыспансерызацыі, ранняе выяўленне цяжкіх захворванняў, што дазволіць больш эфектыўна іх лячыць, нарэшце, інфарматызацызацыя, а як вынік – паведамленне аб медыцынскіх паслугах праз асабісты тэлефон і камп’ютар.

Наталля АВЯРЧУК