Адзіны дзень інфармавання

21.01.2019 Выкл. Автор administrator

17 студзеня прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Абласная інфармацыйная група сустрэлася з калектывам Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Абмеркавалі актуальныя пытанні.

Тэму значных паздей Года малой радзімы закрануў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксей Якаўчык. Ён зазначыў, што на працягу трох гадоў у Беларусі будуць рэалізоўвацца праекты, скіраваныя на добраўпарадкаванне і развіццё гарадоў і вёсак. Падобная работа ідзе ў розных накірунках, многія грамадзяне ўжо прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні родных мясцін. Напрыклад, у нашым раёне за кошт сродкаў, якія паступілі ад правядзення суботнікаў, павялічана матэрыяльна-тэхнічная база аб’ектаў сацсферы, добраўпарадкавалі помнікі і воінскія пахаванні (праведзены рамонты помнікаў І. Філідовічу, П. Пятрову і Я. Фогелю, помніка “Дзеці ліхалецця” ў Дзятлаве).

Шмат увагі надаецца павышэнню якасці і даступнасці медыцыны: у рэгіёнах павялічваецца колькасць дактароў агульнай практыкі, якія сумяшчаюць функцыі некалькіх спецыялістаў, палепшаны сацыяльныя стандарты па забеспячэнні насельніцтва брыгадамі хуткай дапамогі, створана адзіная рэспубліканская сістэма тэлемедыцынскага кансультавання.

Вялікая ўвага надаецца выхаванню ў моладзі любові да роднай старонкі, на што скіраваны многія праекты, конкурсы, святы. На Дзятлаўшчыне ў 2018 годзе найбольш значнымі сярод падобных мерапрыемстваў былі 520-годдзе Дзятлава, “Зецельскі фэст”, удзел у якім прынялі звыш 200 сем’яў. Парадавала маштабнасцю нядаўняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая на гэты раз ахапіла клопатам 149,5% юных жыхароў раёна, гэта значыць, некаторыя дзеці змаглі пабыць на некалькіх мерапрыемствах.

Пытанні бяспекі жыццядзейнасці, у тым ліку ў час актыўнага зімовага адпачынку, патлумачылі намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксанд Беленка,  загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кулеш. Як стала вядома, на Дзятлаўшчыне абследаваны месцы катанняў і выяўлены небяспечныя спускі. У райцэнтры яны знаходзяцца на вуліцах Кабяка, Навагрудскай (каля дома №11), на азёрах за цэнтральнай раённай бальніцай. Ёсць у раёне і дазволеныя месцы для катання: на стадыёне “Колас” і каля санаторыя “Альфа Радон”. У час сустрэчы з медыкамі, якія як ніхто іншы знаёмы з наступствамі экстрэмальнага адпачынку, паступіла рацыянальная прапанова ад намесніка галоўнага доктара Уладзіміра Калодкі выкарыстоўваць у месцах, дзе катацца небяспечна, пясчана-саляную сумесь, паколькі патрабаванняў забараняльных знакаў прытрымліваюцца не ўсе аматары зімовага адпачынку.

Ірына СТЫРНІК