Люксембургскія сваякі на Дзятлаўшчыне

01.11.2018 Выкл. Автор Макарчик В.В.

У нашым раёне вядомы валанцёры арганізацыі “Сябры Дзятлава” з Люксембурга. На  Дзятлаўшчыне яны ўжо даўно не госці, а як сапраўдныя сваякі. Штогод яны аказваюць дапамогу тым, хто мае патрэбу, і супрацоўнічаюць з Цэнтральнай раённай бальніцай, яслі-садам №1 горада Дзятлава, касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і араторыям.

Чарговы візіт еўрапейцаў выпаў на канец кастрычніка, але халоднае надвор’е не стала перашкодай для добрых справаў. Цяпер Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы валанцёры падарылі электрахірургічны каагулятар.

Такі апарат прымяняецца ў выпадках аператыўнага хірургічнага ўмяшання, калі варта ліквідаваць кравацёк або зрабіць каагуляцыю тканін.

Таксама, як і заўсёды, набылі памперсы для пацыентаў, якім гэтыя рэчы неабходны.

“Сябры Дзятлава” прыехалі ў саставе чатырох чалавек, але ў арганізацыі, як расказала куратар Мадлен, каля васьмідзесяці валанцёраў.

Мадлен трымае ў руках беларускі сувенір, які падарылі ёй на памяць

Групу валанцёраў з Люксембурга ў райцэнтры штогод суправаджае нязменны перакладчык Людміла Грыб, настаўніца сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, якая дапамагае гасцям пераадольваць моўны бар’ер.

Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч і медперсанал вельмі цэняць такую значную падтрымку валанцёраў, а самі члены арганізацыі  “Сябры Дзятлава” абяцаюць далей рабіць усё магчымае, каб наведваць наш раён з карысцю.

Юлія БАКУНОВІЧ