Дзятлаўская бальніца – лепшая!

07.02.2018 Выкл. Автор administrator

Дзятлаўская ЦРБ узнагароджана Дыпломам I ступені галоўнага упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама за 1-е месца ў штогадовым абласным аглядзе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва па выніках дзейнасці ў 2017 годзе сярод установаў аховы здароўя раённага ўзроўню з колькасцю насельніцтва ў раёне да 30 тысяч чалавек.

Дзятлаўская ЦРБ пераможцам абласнога агляду стала ўпершыню. Была прызёрам агляду – трэцяе месца – па выніках работы за 2011 год.

Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч, дарэчы, кандыдат у дэпутаты раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў 28 склікання, патлумачыла, што ў абласным аглядзе ацэньваўся комплекс паказчыкаў дзейнасці медустановаў: вынікі работы, інфарматызацыя, кадравае, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне.

За 2017 год зроблена ў раёне, сапраўды, многа. Найперш трэба сказаць пра мадэрнізацыю рэнтгенкабінета з мантажом новага абсталявання, якое дазволіла зменшыць прамянёвую нагрузку на тых, хто абследуецца, новы апарат выдае больш якасныя здымкі, якія больш інфарматыўныя для вызначэння дыягназу. Зроблены рамонт калідора другога паверха бальніцы, лесвічнай пляцоўкі. Праведзены рамонты на ФАПах у Жукоўшчыне, Міроўшчыне, у некаторых кабінетах, аддзяленнях. Усе “бальнічныя” будоўлі, мадэрнізацыі, рамонты пад кантролем інжынера-будаўніка ЦРБ Алега Навумаўца, які “вядзе” іх ад праекта да здачы пад ключ. Многа бягучага, касметычнага рамонту выконвае ўласная будаўнічая брыгада ЦРБ. Наладжана актыўнае і паспяховае супрацоўніцтва ЦРБ і дзятлаўскага “Будкомплекса”.

Летась у Дзятлаўскую ЦРБ набыта многа дыягнастычнага абсталявання. Да прыкладу, апараты маніторынгу артэрыяльнага ціску, якія адсочваюць стан пацыента на працягу сутак. Такія апараты значна павышаюць узровень дыягностыкі і кантролю за станам пацыента.

Многа набыта электракардыёграфаў. Яны вельмі патрэбны на пярвічным этапе дыягностыкі сардэчна-сасудзістых паталогій. Апарат ЭКГ – першае, што павінна быць пад рукой на кожным тэрапеўтычным участку. Паводле статыстыкі, смяротнасць ад захворвання сардэчна-сасудзістай сістэмы лідзіруе паўсюдна – у раёне і ў свеце ўвогуле.

Закупілі дэфібрылятары для хуткай дапамогі. Прасцей кажучы, яны дазваляюць тэрмінова ажывіць чалавека. Набыты пульсаксіметры, інгалятары лекавых сродкаў, лабараторнае абсталяванне.

Усе мінімальныя дзяржаўныя стандарты ў ахове здароўя за 2017 год у раёне выкананы. Палепшаны дэмаграфічныя паказчыкі ў параўнанні з 2016 годам: зменшаны агульная смяротнасць, смяротнасць у працаздольным узросце, ад хваробаў сістэмы кровазвароту, ад знешніх прычын, значна зменшана смяротнасць ад захворванняў туберкулёзам.

Ёсць поспехі ў вырашэнні кадравай праблемы. Маладым спецыялістам – выпускнікам ВНУ дапамагаюць асвоіцца ў прафесіі вопытныя медработнікі. Да прыкладу, прынялі на работу многа маладых тэрапеўтаў, імі апякуецца загадчыца паліклінікі Алена Куцко. Над маладым доктарам-анколагам узяла шэфства Інэса Гусева. Над маладым спецыялістам траўматолагам настаўнічае вопытны Анатоль Лаўроўскі. У кожным аддзяленні з’явіліся новыя медсёстры, яны пад апекай старшых медсёстраў і галоўнай медсястры ЦРБ Алы Баковіч. Укамплектаваны памочнікамі дактароў медучасткі ў Наваельні, Казлоўшчыне, Дварцы, Хвінявічах. Праз гэта наблізілі кваліфікаваную меддапамогу да сельскіх жыхароў. Усе маладыя спецыялісты прыйшлі добра тэарэтычна падрыхтаваныя, перспектыўныя.

Што Марыя Максімовіч жадае сваім калегам і пацыентам? Калегам удзячная за зробленае калектыўнымі намаганнямі, а жадае найперш здароўя і рознага дабра ў жыцці. А жыхароў раёна, карыстаючыся выпадкам, чарговы раз запрашае прайсці дыспансерызацыю, своечасова дзейсна паклапаціцца пра сваё здароўе і быць здаровымі.

 

Ул. інф. «Перамогі»